Крыніца: «Настаўніцкая газета», нумар ад 1 лістапада 2018г.
Які пост, лайк, рэпост можа прывесці да бяды і як гэта прадухіліць? Юрыдычную шпаргалку для інтэрнэт-карыстальнікаў, якая дасць адазы на шматлікія пытанні, можна бясплатна спампаваць на сайце www.netka.by.
Каманда сацыяльнага праекта «Netka.by. Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі» разам з правазнаўцамі распрацавала брашуру “Якую інфармацыю нельга распаўсюджваць у інтэрнеце: усё, пра што вы хацелі запытацца”. Своечасовая і зручная шпаргалка будзе карыснай як бацькам, якія перш-наперш самі хочуць быць дасведчанымі ў тым, як распараджацца звесткамі ў анлайнавай прасторы, так і настаўнікам — напрыклад, для падрыхтоўкі тэматычных заняткаў.
— Разам з нашым партнерам — адным з адвакацкіх бюро, мы пераклалі складаную мову закона на простую мову схем і дыялогаў, каб і дарослыя, і падлеткі маглі хуценька разабрацца ў тэме, — рассказвае аўтар і кіраўнік праекта «Netka.by. Інтэрнэт-бяспека дзяцей Беларусі» настаўніца Вольга Корсун. — Нажаль, інтэрнэт-карыстальнікі, у тым ліку і непаўналетнія, няўсвядомлена ставяць лайкі пад недазволеннымі для распаўсюджвання матэрыяламi, рэпосцяць іх настолькі часта, што праваахоўнікі нават прапануюць змякчыць пакаранне для тых, хто парушыў закон упершыню. Думаю, такіх выпадкаў было б значна менш, калі б бацькі самі разбіраліся ў тым, што можна, а што нельга ў сеткавай прасторы і тлумачылі гэта дзецям.
Дарэчы, як расказала афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Беларусі Юлія Ганчарова, з пачатку 2018 года было зарэгістравана 610 злачынстваў, звязаных з вырабам і распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару. З іх 29 здейснілі непаўналетнія. Злачынстваў, звязаных з вырабам і распаўсюжданнем парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў з выявай непаўналетняга — 50, пры гэтым ні адзін непаўналетні ў якасці абвінавачанага не прыцягваўся. Акрамя гэтага, сёлета непаўналетнія не прыцягваліся да адказнасці за распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або другой сацыяльнай варожасці і за здзяйсненне злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі. Пры гэтым 95% пацярпелых ад несанкцыянаванага доступа да камп’ютарнай інфармацыі – непаўналетнія. З пачатку года 64 падлетка праходзілі ў якасці пацярпелых у такіх справах.
Падлеткі далека не заўсёды правільна фільтруюць кантэнт, з якім сутыкаюцца, і не задумваюцца над тым, чым чарговы рэпост можа абярнуцца калі не зараз, то праз пэўную колькасць гадоў.
Эксперт анлайн-рэсурса www.netka.by, псіхолаг, валеолаг, каардынатар цэнтра прыязных адносінаў да падлеткаў “Давер” Валянціны Шукан звяртае ўвагу на адну з важных прычын направільных паводзін у інтэрнэце — сярэдні падлеткавы ўзрост, калі ўспыхваюць першыя пачуцці. І гэтым могуць скарыстацца зламыснікі.
— Ў асабістых паведамленнях 14-гадовая дзяучына перасылала свайму сябру па яго патрабаванню свае фота топлес. Маці даведалася, адабрала смартфон і была ўпэўнена, што гэтым спыніла інтымную перапіску. Але дзяўчына вырашыла, што гэта каханне, а значыць, ніхто не мае права ўмешвацца ў яе адносіны і чытаць яе паведамленні. Зарэгістравалася пад другім іменем з другога камп’ютара і працягвала будаваць адносіны прывычным ёй спосабам, — дзеліцца выпадкам са сваёй практыкі Валянціна Шукан. — А праз некаторы час сябар запрасіў яе на рэальнае спатканне і… высветлілася, што ён зусім не юнак, а дарослы мужчына. Нашчасце, дзяўчына вярнулася са спаткання жывой і здаровай. Але застаўся страх пераследавання, таго, што яе інтымныя фотаздымкі ўбачыць яшчэ нехта.
Як лічыць псіхолаг Валянціна Шукан, інтэрнэт-пасткі варта абмяркоўваць і на тэматычных класных гадзінах. Прычым варта гэта рабіць пакойна і грунтоўна, каб не палохаць дзяцей, а падказаць ім, што рабіць, каб не трапіць у інтэрнэт-палон. Калі ж ужо здарылася непряемная сітуацыя, неабходна расказаць, як з яе выбрацца.
Правільнае рэагаванне як бацькоў, так і педагогаў на праблемную сітуацыю дазволіць у будучым пазбегнуць яе паўтору. А каб пазбегнуць самой сітуацыі, неабходна перш-наперш выразна ўяўляць сабе, з чым сутыкаюцца дзеці ў інтэрнэце.